Музыка (ад грэч.μουσική — літар. «мастацтва муз») — від мастацтва, у якім сродкам адлюстравання рэчаіснасці, увасаблення мастацкіх вобразаў і ўздзеяння на чалавека служаць пэўным чынам арганізаваныя музычныя гукі. Асноўныя элементы і выразныя сродкі музыкі — лад, рытм, метр, мелодыя, тэмп, гармонія і інш. Фіксуецца ў нотным запісе і рэалізуецца ў працэсе выканання. Падзяляецца на роды і віды — тэатральная (опера, балет і г.д.), сімфанічная, камерная і інш.; на жанры — песня, харал, танец, марш, сімфонія, сюіта, саната і інш.; выдзяляецца таксама свецкая і духоўная (пераважна культавая) музыка. Па выканаўчым сродкам падзяляецца на вакальную (спевы), інструментальную і вакальна-інструментальную. Музыка часта спалучаецца з харэаграфіяй, тэатральным мастацтвам, кіна-мастацтвам. Адрозніваюць музыку аднагалосную (манодзія) і шматгалосную (паліфанія).
Гісторыя
Як самастойны від мастацтва музыка зарадзілася яшчэ ў першабытным грамадстве. Музычная культура першых цывілізацый свету (Егіпет, Месапатамія, Індыя, Кітай, Грэцыя) характарызавалася дзейнасцю прафесійных музыкантаў, якія выступалі пры дварах мясцовых кіраўнікоў, падчас грамадскіх святкаванняў, масавых абрадавых дзействаў.
Тэорыя музыкі шукае адказы на пытанні аб тым, якім правілам падпарадкоўваецца музыка, што ляжыць у яе аснове і чаму трэба навучыцца, каб не толькі граматна выконваць музыку, але і разумець яе. Пры непасрэдным успрыманні музыкі, з аднаго боку, і яе рацыянальным аналізе, з другога боку, вылучаюцца ўніверсальныя (характэрныя для любой музыкі) катэгорыі — гармонія, рытм і форма. У той час як рытм і форма ўласцівыя таксама іншым відам мастацтваў, гукавышынная структура (гармонія) — унікальная, уласцівая толькі музыцы, сутнасць. Мелодыя і поліфанія, хоць і не з’яўляюцца такімі ўніверсальнымі, як гармонія, рытм і форма, у шэрагу канкрэтных музычных складоў набываюць вялікае значэнне.
Прыкладная тэорыя, засноўваючыся на матэрыяле даследаванняў, ставіць сваёй мэтай стварэнне і ўдасканаленне метадаў навучання музыцы, якія дазваляюць авалодваць выканальніцкай практыкай, трэніраваць успрыманне музыкі. Базавымі навыкамі з’яўляюцца сальфеджыа — чытанне музыкі з ліста, аналіз і запіс нот на слых, чытанне розных відаў партытур, аркестровак, мастацтва імправізацыі, азы кампазіцыі[1].