Звесткі ў артыкуле або некаторых яго раздзелах састарэлі
Вы можаце дапамагчы праекту, абнавіўшы іх і пасля прыбраўшы гэты шаблон.
Но́белеўская прэ́мія па фізіяло́гіі і медыцы́не (шведск.: Nobelpriset i fysiologi eller medicin) — найвышэйшая ўзнагарода за навуковыя дасягненні ў галінах фізіялогіі і медыцыны, якая штогод прысуджаецца шведскім Каралінскім інстытутам у Стакгольме. Адна з пяці Нобелеўскіх прэмій, заснаваных у 1895 годзе паводле запавету шведскага хіміка Альфрэда Нобеля, які памёр у 1896 годзе. Гэтыя прэміі прысуджаюцца за выдатныя заслугі ў галінах хіміі, фізікі, літаратуры, міру і фізіялогіі або медыцыны[1]. У адпаведнасці з запаветам Нобеля прэмія знаходзіцца ў падпарадкаванні Фонду Нобеля і прысуджаецца камісіяй з пяці членаў і выканаўчага сакратара, якія выбіраюцца Каралінскім інстытутам[2][3]. Нягледзячы на тое, што прэмію звчайна называюць «Нобелеўскай прэміяй па медыцыне», у сваім запавеце Нобель падкрэсліваў, што прэмія павінна ўручацца за дасягненні ў «фізіялогіі або медыцыне», у выніку чаго на прыз прэтэндуюць навукоўцы з больш шырокага спектра абласцей[3]. Лаўрэатам першай Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне ў 1901 годзе стаў Эміль Адольф фон Берынг з Германіі. Кожны лаўрэат атрымлівае медаль, дыплом і грашовы прыз, які змяняецца з цягам часу[4]. У 1901 годзе фон Берынг атрымаў 150 782 шведскія кроны, што ў снежні 2008 года было эквівалентна 7 731 004 шведскім кронам. Прэмія ўручаецца на штогадовай цырымоніі 10 снежня, у гадавіну смерці Альфрэда Нобеля[5].