Мінская вобласць з'яўляецца адным з найбольш эканамічна развітых рэгіёнаў Беларусі. Выгаднае геаграфічнае становішча, наяўнасць прыродна-рэсурснага патэнцыялу сталі асноўнымі фактарамі гаспадарчага развіцця вобласці. Эканоміка Мінскай вобласці індустрыяльна-аграрная, экспартаарыентаваная.
Аснову рэсурснай базы складаюць калійныя і каменныя солі, торф, жалезная руда, гаручыя сланцы, гліна, сапрапелі, мінеральныя воды, пясчана-гравійныя матэрыялы, пясок.
Прамысловасць
Прамысловасці належыць вядучае месца ў эканоміцы Мінскай вобласці. Колькасць прамысловых прадпрыемстваў складае 417, а агульная колькасць прамысловых арганізацый з улікам падсобных вытворчасцей перавышае 4 тысячы. Значная доля прамысловых вытворчасцяў сканцэнтравана ў гарадах Салігорску, Барысаве, Жодзіна, Слуцку, Маладзечне.
У вобласці сканцэнтраваны ўвесь выпуск калійных угнаенняў краіны, 77,4% ад агульнага аб'ёму вытворчасці вырабаў з металічных парашкоў, 78,9% макаронных вырабаў, 59,3% цукру-пяску, 44,9% трыкатажных вырабаў (2010).
Найбольшая ўдзельная вага сярод галін прамысловасці Мінскай вобласці:
хімічная і нафтахімічная прамысловасць (36,7%)
машынабудаванне і металаапрацоўка (21%)
харчовая (23,7%)
лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна- папяровая (3,8%)
вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (2,7%)
лёгкая прамысловасць (2,9%).
Буйнейшыя прадпрыемствы вобласці: ААТ «Беларуськалій», РУВП «Беларускі аўтамабільны завод», ААТ «Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання», РУП «Маладзечанскі станкабудаўнічы завод», ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», ААТ «Слуцкі цукрарафінадны камбінат», ААТ «Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў», ААТ «Конфа», ААТ «Світанак», ААТ «Барысаўдрэў».
Сельская гаспадарка
Вобласць спецыялізуецца на вытворчасці малака, мяса, збожжа, бульбы, цукровых буракоў, агародніны і штогод вырабляе больш за чвэрць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі рэспублікі.
Землі сельскагаспадарчага карыстання займаюць 1598,4 тыс. га, у тым ліку ворыва - 1077,1 тыс. га, лугавыя - 510,8 тыс. га, сады - 10,4 тыс. га. Бал ўрадлівасці сельскагаспадарчых угоддзяў - 30,4, ворыва - 32,9, кармавых угоддзяў - 26,3.
Вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі займаюцца 443 сельскагаспадарчыя структуры, 454 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак і 279.275 асабістых падсобных гаспадарак (2007). Сельскагаспадарчымі арганізацыямі Мінскай вобласці — адной з шасці абласцей краіны — вырабляецца звыш чвэрці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў агульнарэспубліканскім аб'ёме, у тым ліку малака - 27%, мяса - 25%, збожжа - 27%, цукровых буракоў - 34%, бульбы - 30%, агародніны - 36%.
Будаўніцтва
У склад будаўнічага комплекса вобласці ўваходзяць будаўнічыя трэсты і аб'яднанні, прадпрыемствы прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, праектныя інстытуты, навукова-даследчыя і канструктарска-тэхналагічныя арганізацыі.
Капітальнае будаўніцтва вядзецца падрадчымі будаўніча-мантажнымі і рамонтнымі арганізацыямі. Найбольш буйнымі з іх з'яўляюцца УП «Мінскаблсельбуд», КУП «Мінскаблдарбуд», ААТ «Універсалрамбуд», «Будтрэст № 3 ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі» і іншыя.
Вытворчасць будаўнічых матэрыялаў ажыццяўляюць: ААТ «Забудова», ААТ «Любанскі КСМ», ААТ «Салігорскі ДБК», ААТ «Радашковіцкі керамічны завод», ААТ «Любанскі завод сценавых блокаў», ДУ «Аб'яднанне Мінскмеліявадгас».
Транспарт і сувязь
Абслугоўванне прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва Мінскай вобласці грузавымі і пасажырскімі перавозкамі забяспечвае РУП «Минаблаўтатранс». У яго склад уваходзіць 20 даччыных унітарных прадпрыемстваў, а таксама ААТ «Барысаўгрузаўтатранс». Штогод перавозіцца звыш 9 млн. т грузаў, пераважна ў межах Беларусі, звыш 120 млн. пасажыраў. Чыгуначныя перавозкі ажыццяўляе Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі. Нацыянальны аэрапорт «Мінск» размяшчаецца на тэрыторыі Мінскай вобласці (Смалявіцкі раён).
Прадастаўленне паслуг электрасувязі на тэрыторыі вобласці забяспечвае Мінскі філіял РУП «Белтэлекам». У больш чым 25 кропках па Мінскай вобласці даступная паслуга шырокага безправаднога доступу wi-fi: у Мядзельскім (к.п. Нарач, гасцініца «Белая Русь», санаторый «Прыазёрны»), Лагойскім (РКЦ «Сілічы»), Мінскім (санаторый «Юнацтва»), салігорскім (гасцініца «Алеся», сервісны цэнтр) і іншых раёнах Мінскай вобласці.
Знешнеэканамічныя сувязі
Знешнегандлёвы абарот вобласці ў 2009 склаў 4858,3 млн. долараў ЗША, сальда станоўчае: 1005,5 млн. долараў ЗША.
экспарт: прадукцыя хімічнай і звязаных з ёй галін прамысловасці - 43,3%, у тым ліку калійныя ўгнаенні (41%); мінеральныя прадукты (12,8%); транспартныя сродкі (10,7%); прадукцыя жывёлагадоўлі (8,1%)
імпарт: мінеральныя прадукты - 22,4%, у тым ліку нафту сырая (21%); машыны, абсталяванне і апаратура (20%); некаштоўныя металы і вырабы з іх (10,9%); прадукцыя хімічнай і звязаных з ёй галін прамысловасці (9,9%).