Назву «Менка» тлумачаць з такіх балцкіх (літоўскіх) слоў як menkas «малы, дробны» ці menkė «(рыба) мянтуз; (рыба) траска»[14][15][16]; або ад слоў мень, менёк, як у славянскіх гаворках называлі рыбу ментуза[17].
Таксама выказвалі думку пра паходжанне назва Менска ад славянскага дзеяслова «мяняць», што магло быць звязана з развітым гандлем, аднак, гэта малаімаверна[14][17][18][19], бо аддзеяслоўныя назоўнікі з такой асновай у тапаніміцы не сустракаюцца[20].
Паводле пазнейшага беларускага народнага падання, заснавальнікам Менска быў вядзьмар-асілак Мянеск, які пабудаваў млын на месцы цяперашняга горада (у раёне рэчкі Пярэспы) і малоў муку з камення, ад яго імя быццам і пайшла назва горада[21]. На аснове падання выказвалі думку, што імя Мянеска і такім чынам назву горада трэба звязваць з індаеўрапейскімэтымонам*men — «мяць, расціраць», што адпавядае асноўным функцыям Мянеска ў паданні[22]. Зразумела, аднак, што на праўдзе імя вядзьмара-асілка ў паданні другаснае адносна назвы горада, на тлумачэнне якой і скіравана. Сем колаў на мянескавым млыне знаходзяць выразныя паралелі ў беларускім фальклорным матэрыяле[23].
Варыянты
У Іпацьеўскім летапісе горад згадваецца пад 1067 годам пад назвамі Мѣньск, Мѣнескь. У пазнейшым Радзівілаўскім летапісе назвы Меньск і Менеск пішуцца без яць, праз «е». З канца XV ст. з’яўляецца назва Менск без мяккага знака. Аднак яшчэ ў XVI—XVII стагоддзях працягвала шырока выкарыстоўвацца форма «Менеск».
У лісце 1656 года маскоўскага менскага ваяводы Фёдара Арсеньева з маскоўскім царом Аляксеем Міхайлавічам на адной старонцы словы «Менеск», «Менск», «Менскага» сустракаюцца 18 разоў і ніводнага разу «Мінск». У двух адпісках таго ж ваяводы назвы тыпу «Менеск», «Менск», «Менского пов(ету)» сустракаюцца 12 разоў і толькі аднойчы напісана «Мінской пов.». У адпісцы маскоўскага ваяводы Якаўлева 1657 года датычна сойміка менскай шляхты таксама ўжываецца толькі форма «Менск». З гэтага вынікае, што мясцовая шляхта карысталася толькі такой назвай[8]. У Баркулабаўскім летапісе горад згадваецца 6 разоў, з якіх 5 — у форме «Менск» і адзін «Мінск».
Першую фіксацыю назвы Мінск (Mynsko) даследчыкі адзначаюць у лацінамоўнай канцылярскай кнізе пад 1502 годам. Пазней у польскамоўных дакументах XVI—XVII стагоддзяў усё часцей ужываецца транскрыпцыя Minsk. Прафесар кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта А. Абрэмска-Яблоньска паказала, што назва «Мінск» з’явілася пад уплывам польскага Мінска Мазавецкага на грунце польскай адміністрацыйнай і моўнай экспансіі[8]. Цалкам форма «Мінск» (Міньск) замяняе «Менск» у афіцыйных дакументах толькі ў канцы XVII ст. разам з пашырэннем польскай мовы ў афіцыйным дзяржаўным ужытку. З польскамоўных дакументаў і карт пасля падзелаўРэчы Паспалітай яе механічна перанеслі ў расійскія дакументы і карты[24][25].
У 1891 годзе паэт Францішак Багушэвіч у прадмове да зборніка «Дудка беларуская» ўжывае паланізаваную форму[26] «Міньск»: «Можа хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, Яна, гдзе наша мова жывець: Яна ад Вільна да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак»[27].
З 1916 года ў асяроддзі прагрэсіўнай беларускай інтэлігенцыі замацавалася назва «Менск Беларускі». Яна захоўвалася ў часы нямецкай і польскай акупацый, ужывалася ў дакументах эміграцыйных беларускіх урадаў[24]. 21 лютага 1918 года выдана Першая Устаўная граматаБНР, дзе ўжываецца форма «Мінск-Беларускі». Другая Устаўная грамата і Трэцяя Устаўная грамата БНР ужо ўжываюць форму «Менск-Беларускі».
Форма «Менск» стала нормай за часамі БССР, ужывалася ва ўсіх афіцыйных дакументах, а таксама на дзяржаўным радыё[28]. У 1930-я гады назву Менск ужывалі паўсюдна ў Беларусі, яна была звыклай і натуральнай жыхарам рэспублікі[29].
29 ліпеня 1939 года пастановай 2-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР горад перайменавалі ў «Мінск»[25]. Перайменаванне адбылося не з лінгвістычных, а з сацыяльна-палітычных прычын[29], было выклікана ўзмацненнем рэпрэсій супраць беларускіх нацыянальных кадраў і было замацаваннем русіфікацыі беларусаў на ўзроўні назваў гарадоў[30].
5 верасня 1991 года Мінскі гарадскі Савет народных дэпутатаў накіраваў Вярхоўнаму Савету просьбу пра вяртанне гораду гістарычнай назвы «Менск», але ў гэтым было адмоўлена[31][32]. За вяртанне назвы «Менск», паводле сведчання Алега Трусава, прагаласавалі 142 дэпутаты пры неабходных 173[28].
Дакладная дата заснавання Менска невядомая. Паводле археалагічных звестак, самыя раннія паселішчы на тэрыторыі сучаснага горада вядомы з IX стагоддзя, калі басейн Свіслачы засялялі славянскія плямёны крывічоў і дрыгавічоў.
Упершыню згадваецца (Меньскъ, Менскъ, Менескъ) у «Аповесці мінулых часоў» пад 1067 годам, калі спалены аб’яднанымі войскамі Яраславічаў (вялікага князя кіеўскага Ізяслава, пераяслаўскага князя Святаслава і чарнігаўскага князя Усевалада) падчас вайны з полацкім князем Усяславам Брачыславічам. Месца і час узнікнення Менска ў наш час дыскусійныя — адны даследчыкі (А. Ясінскі, Г. Штыхаў і інш.) лічаць, што горад узнік у даслявянскія часы на рацэ Менцы прытоку Пцічы, за 16 км на захад ад сучаснага цэнтру горада, дзе захаваўся комплекс археалагічных помнікаў, і перанесены на цяперашняе месца пасля 1085 года, калі другі раз спалены Уладзімірам Манамахам. Іншыя даследчыкі лічаць, што дзяцінец (пазней Менскі замак) пабудаваны на правым беразе Свіслачы пры ўпадзенні ў яе ракі Нямігі ў 2-й палове XI ст., напярэдадні падзей 1067 года для абароны паўднёвых межаў Полацкага княства.
Менскае княства
У канцы XI — пачатку XII стагоддзяў Менск становіцца сталіцай удзельнага Менскага княства. Першым менскім князем быў Глеб Усяславіч, потым княствам валодалі яго нашчадкі Глебавічы. У 1116 годзе Менск вытрымаў амаль 2-месячную аблогу войскамі вялікага князя кіеўскагаУладзіміра Манамаха, але ў 1119 годзе быў захоплены і далучаны да яго ўладанняў, князь Глеб Усяславіч зняволены і памёр у кіеўскай турме. З сярэдзіны XII ст. Менск зноў стаў цэнтрам незалежнага княства і адным з буйных гарадоў Заходняй Русі[33], менскія князі вялі барацьбу за гегемонію ў Полацкай зямлі і неаднакроць займалі полацкі сталец. Палітычнае ўзвышэнне і зручнае геаграфічнае становішча спрыялі эканамічнаму росту Менска і яго пераўтварэнню ў рамесна-гандлёвы цэнтр.
Вялікае Княства Літоўскае
У XIII ст. узмацніліся сувязі Менскага княства з Наваградкам, пазней — з Вільняй і Трокамі[34]. Пра раннія адносіны Менскага княства з Вялікім княствам Літоўскім пэўна нічога не вядома.
У 1326 годзе менскі князь Васіль ездзіў у Ноўгарад як адзін з паслоў вялікага князя літоўскага Гедзіміна. У грамаце 1387 года Менск выступае другім (пасля Полацка) вялікім горадам у цэнтральнай і ўсходняй частках сучаснай Беларусі. У 1390 годзе вялікі князь Ягайла заснаваў на Траецкай Гары першы касцёл. Паводле дакументаў канца XVI ст., у Менску таксама было 10 прыходскіх цэркваў і 4—5 манастырскіх.
У 1547 годзе вялікі пажар знішчыў Менскі замак і амаль увесь горад, пасля гэтага Менск перапланаваны, цэнтр перанесены на Новае, або Высокае Места[34]. У сярэдзіне XVI ст. у горадзе было 300 двароў, і 35 вуліц і завулкаў. У 1564 годзе ў Менску ўзнікла кальвінісцкая супольнасць. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў горад стаў цэнтрам Менскага ваяводства, найбуйнейшага ў Вялікім Княстве Літоўскім, у склад якога ўваходзіла 60 гарадоў і мястэчак.
Прывілеем ад 16 ліпеня 1569 года Менску дазволена будаўніцтва гасцінага двара; тым жа прывілеем дазволена стварэнне ў горадзе рамесных цэхаў на класічных еўрапейскіх прынцыпах. У 1582 годзе ў Менску з’явілася мураваная ратуша[36], дзе праз некаторы час на вежы ўсталявалі першы гарадскі гадзіннік[37]. У 1588—1755 гадах, пачаргова з Наваградкам, праз год у Менску праходзілі сесіі Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай3 ліпеня1655 года Менск захапіла маскоўскае войска[41]. За наступныя чатыры гады акупацыі горад вельмі моцна пацярпеў ад рабункаў і амаль спусцеў[42]. У 1655 годзе поп Маскоўскага патрыярхату Іван, які ў гэты час быў у Менску, напісаў ліст цару Аляксею Міхайлавічу, у якім прасіў грошай, а таксама засведчыў, што акупацыйны маскоўскі гарнізон «все татары да мордва, — рускава ничего не знают»[43].
3 ліпеня1660 года войскі Рэчы Паспалітай вызвалілі Менск з-пад маскоўскай акупацыі[44]. На 1667 год у горадзе было каля 300 двароў. У тым жа годзе горад стаў часткай першага ў Вялікім Княстве Літоўскім міждзяржаўнага маршруту Вільня—Менск—Магілёў—Смаленск—Масква. У 2-й палове XVII ст. падарожнікі адзначалі ў Менску шматлікія цэрквы і камяніцы, развіты гандаль.
У 1697 годзе Менск моцна пацярпеў ад пажару. У часе Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) праз горад некалькі разоў у 1706—1708 і 1720 гадах праходзілі расійскія і шведскія войскі. У 1708 годзе ў Менску была маравая пошасць і вялікі пажар. Нават у сярэдзіне XVIII ст. гэтыя падзеі адбіваліся на ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця горада.
У 1713 годзе рэзідэнцыя езуітаў у Менску атрымала статус калегіума — навучальнай установы, што давала адукацыю на ўзроўні гуманітарнага ўніверсітэта[45]. У 1749 годзе побач з езуіцкім калегіумам збудавалі аптэку з лабараторыяй (першая менская аптэка адкрылася яшчэ ў 1659 годзе). Па скасаванні ордэна езуітаў у 1773 годзе, калегіум пераўтварылі ў свецкую навучальную ўстанову — Менскую гімназію. На 1775 год у Менску было больш за 400 двароў (у канцы XVIII ст. — да 1000 двароў), на 1790 год — больш за 40 вуліц і завулкаў. Згодна з пастановай магістрата 1786 года, на ўсіх будынках усталявалі нумары. У 1791 годзе ў Менску адкрыўся шпіталь войска Вялікага Княства Літоўскага. У 1790-я гады ў горадзе было 89 крам, штогод праводзіліся 2 кірмашы, якія цягнуліся каля 2 тыдняў. У канцы XVIII ст. у Менску пачалі выступаць прафесійныя тэатральныя калектывы (у 1825 годзе пад гарадскі тэатр адрэстаўравалі палац Радзівілаў на Высокім Рынку).
У 1793 годзе ўтвораная Мінская епархіяМаскоўскага патрыярхату, 28 студзеня 1798 года — Мінская дыяцэзія Рымска-Каталіцкай царквы, адкрылася каталіцкая духоўная семінарыя (дзейнічала да 1869 года)[46]. У 1799 годзе ў горадзе з’явілася першая муніцыпальная лякарня. На 1800 год у Мінску было 1009 дамоў, з іх 39 мураваных. У 1803 годзе ўтварыўся аркестр, які выступаў з публічнымі канцэртамі ў гарадскім парку, а ў святочныя дні — у галерэі ратушы.
У вайну 1812 года 8 ліпеня ў Мінск увайшлі французскія войскі. 27 ліпеня горад стаў цэнтрам дэпартамента адноўленага НапалеонамВялікага Княства Літоўскага. Адміністрацыйная рада Мінскага дэпартамента наладзіла выпуск першай мінскай газеты «Тымчасовая газета Мінская» (польск.: «Tymczasowa gazeta Mińska»). 16 лістапада горад зноў занялі расійскія войскі. У часе вайны горад быў моцна разбураны і разрабаваны французамі і рускімі[10].
30 траўня1835 года адбыўся моцны пажар, які знішчыў амаль усю цэнтральную частку Мінска. У 1836 годзе ў горадзе адкрылася першая публічная бібліятэка, у 1837 годзе — з’явілася ўласная пажарная каманда. У выніку эпідэміі халеры 1848 года ў Мінску загінула 1,1 тыс. чалавек. У 1859 годзе адбыўся ўвод у эксплуатацыю першай на Беларусі тэлеграфнай лініі Мінск—Бабруйск.
9 лютага 1852 года, нягледзячы на забарону расійскіх улад[48], на сцэне Мінскага гарадскога тэатра адбылася прэм’ера першай беларускамоўнай оперы «Ідылія» на музыку Станіслава Манюшкі і Канстанціна Крыжаноўскага, лібрэта напісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У 1857 годзе на загад расійскага цара Мікалая I у Мінску знішчылі будынак мінскай ратушы і прылеглы да яе сквер з векавых пірамідальных таполяў. Паводле ўспамінаў відавочцаў, ратушу зруйнавалі з прычыны таго, што «… яна сваім існаваннем нагадвала жыхарам пра звычаі мінулага часу, пра Магдэбургскае права …»[49].
У 1857 годзе Уладзіслаў Сыракомля апублікаваў у віленскім часопісе «Teka Wileńska» свой нарыс «Мінск: беглы позірк на цяперашні стан Мінска», які стаў першай абагульняючай гістарычнай працай, прысвечанай Мінску.
У 1863—1870 гадах у сувязі з паўстаннем царскія ўлады ўвялі ў Мінску ваеннае становішча. Нягледзячы на гэта, гарадчане прынялі ўдзел у выступленніі[50]. У 1866 годзе па задушэнні паўстання расійскія ўлады перайменавалі бальшыню цэнтральных вуліц Мінска (агулам 17 назваў[51]), што з’явілася шараговым захадам царызму ў палітыцы русіфікацыі беларусаў і змаганні з нацыянальна-вызвольным рухам. Іншым кірункам гэтай палітыкі стала руйнаванне расійскімі ўладамі помнікаў сакральнай архітэктуры: у 2-й палове XIX ст. яны знішчылі мураваныя касцёлы баніфатаў, кармелітаў і францішканаў, знявечылі касцёлы бернардзінцаў і дамініканцаў, перабудавалі ў маскоўскім стылі Духаўскую і Петрапаўлаўскую цэрквы.
У 1890 годзе ў Мінску наладзілі тэлефонную сувязь, а з 1896 года пачала дзейнічаць першая на Беларусі тэлефонная станцыя агульнага карыстання. 10 траўня 1892 года адбылося ўрачыстае адкрыццё конкі — першага гарадскога грамадскага транспарту. У 1895 годзе ў Мінску адкрылася метэастанцыя, а 12 студзеня 1895 года — электрастанцыя. 26 верасня 1891 года ў Гарадскім садзе адбыўся палёт аэранаўта Драўніцкага на паветраным шары і яго спуск на парашуце ўласнага вырабу. На 1897 год у Мінску было 7467 будынкаў, з іх 2110 мураваных, 140 вуліц і завулкаў; дзейнічалі 18 сакральных будынкаў.
У 1870—1880-я гады ў Мінску дзейнічалі народніцкія гурткі. 7 красавіка 1876 года адбылася стачка працоўных чыгуначных майстэрняў, першая ў Мінску. 28 траўня 1889 года ў газеце «Минскій листокъ» упершыню надрукавалі беларускую паэму «Тарас на Парнасе». У 1898 годзе ў горадзе адбыўся першы з’езд РСДРП, у 1900 годзе ўтварылася Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ). 18 студзеня 1900 года адбылася першая ў Мінску вулічная дэманстрацыя працоўных. У часе рэвалюцыі 1905 года 16 лютага адбылася палітычная дэманстрацыя і стачка навучэнцаў сярэдніх навучальных устаноў; 18 кастрычніка царскія ўлады расстралялі мітынг на Прывакзальнай плошчы (Курлоўскі расстрэл); 8 снежня адбылася ўсеагульная стачка ў Мінску. 1 снежня 1906 года ў Мінску ўтварылася беларускае кніжнае аб’яднанне «Мінчук».
У 1911 годзе ў Мінскай губерні было ўведзена земскае самакіраванне, хоць з вялікімі абмежаваннямі.
21 жніўня1911 года ў прадмесці Камароўка заснавалі Мінскую балотную доследную станцыю — першую дзяржаўную навуковую ўстанову на Беларусі. На 1913 год у Мінску было 10,3 тыс. будынкаў (з іх 15 % мураваныя), 305 вуліц і завулкаў, працавалі 104 фабрыкі, заводы і мануфактуры, на якіх было 5,1 тыс. работнікаў.
27 сакавіка1917 года створаны мінскі Беларускі нацыянальны камітэт, які імкнуўся дабіцца стварэння аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Расійскай рэспублікі; аб’яднаць на аснове салідарнасці ўсе беларускія арганізацыі дзеля агульнанацыянальных беларускіх інтарэсаў; арганізаваць у Беларусі развіццё беларускамоўнай культуры і асветы. У красавіку-ліпені 1917 года адбыліся з’езды беларускіх нацыянальных арганізацый і партый. 20 красавіка (3 траўня) 1917 года жыхары горада змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцця Канстытуцыі 3 мая[52].
У лістападзе 1917 года ў Мінску ўтварыўся каардынацыйны цэнтр беларускага нацыянальна-вызвольнага руху — Вялікая беларуская рада. 5 снежня ў горадзе распачаўся Першы Усебеларускі з’езд. У ноч з 17 на 18 снежня (паводле старога стылю) бальшавікі разагналі з’езд. 18 снежня дэлегаты Рады Усебеларускага з’езда, у складзе 56 чалавек на чале з Язэпам Лёсікам, патаемна сабраліся ў чыгуначным дэпо пад аховай рабочай дружыны і пастанавілі падпарадкаваць сабе Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), а таксама выдзелілі з свайго складу кіроўны орган — Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага з’езда. Ён стаў юрыдычным і маральным пераемнікам усёй улады, якая належала Першаму Усебеларускаму з’езду. Выканкам Усебеларускага з’езда атрымаў даручэнне, як толькі будзе магчымым, узяць уладу ў Беларусі ў свае рукі і рыхтавацца да вырашальнага моманту.
Найноўшы час
Савецкая ўлада была ўстаноўлена ў Мінску 8 лістапада 1917. 13 снежня 1917 года ў горадзе ўведзена ваеннае становішча. Пад ціскам германскіх войск 19 лютага 1918 адбылася эвакуацыя савецкіх органаў улады. У гэты час праявілі актыўнасць польскія і беларускія добраахвотныя ваенізаваныя фарміраванні, а на будынку дзяржаўнай адміністрацыі Менска ўпершыню з’явіўся бела-чырвона-белы сцяг як сцяг беларускай дзяржавы[53]. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда 20 лютага прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад — Народны Сакратарыят Беларусі на чале з Язэпам Варонкам.
З 21 лютага горад акупаваны войскамі кайзераўскай Германіі[54].
25 сакавіка 1918 года ў Менску Трэцяй Устаўной граматай была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. У красавіку 1918 года адкрылася Менская вышэйшая музычная школа, неўзабаве пераўтвораная ў Беларускую кансерваторыю. На базе Менскага педагагічнага інстытута рыхтавалася адкрыццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, планавалася адкрыццё сельскагаспадарчага і політэхнічнага інстытутаў[55].
У кастрычніку-лістападзе 1918 года група мясцовых землеўладальных дваран-кансерватараў выступіла з ініцыятывай стварэння «Вялікага Княства Літоўска-Беларускага».
У пачатку 1919 года горад занялі бальшавіцкія войскі. 5 студзеня ўрад Беларускай ССР пераязджае ў Менск, ён становіцца яе сталіцай[56]. 8 жніўня 1919 года польскія войскі з невялікімі стратамі занялі горад, які трапляе пад часовую польскую адміністрацыю — Грамадзянскую ўправу ўсходніх зямель і з 15 верасня становіцца адміністрацыйным цэнтрам Мінскай акругі[57]. У ліпені—кастрычніку 1920 года Менск займалі бальшавікі, потым зноў палякі. 18 сакавіка 1921 года згодна з Рыжскім мірным дагаворам горад адышоў да БССР.
У Другую сусветную вайну з 28 чэрвеня1941 да 3 ліпеня1944 года Мінск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У Мінску і яго наваколлях нямецкі рэжым стварыў 9 лагераў і яўрэйскае гета, дзе было знішчана больш за 400 тысяч чалавек. Мінск быў моцна зруйнаваны ў ходзе баявых дзеянняў.
1 студзеня 1956 года ў Мінску пачаліся тэлевізійныя трансляцыі. 26 чэрвеня 1974 года Мінску прысвоена ганаровае званне «Горад-Герой». 26 чэрвеня 1984 года адбыўся ўвод у эксплуатацыю Мінскага метрапалітэна.
27 ліпеня1990 года Мінск становіцца сталіцай незалежнай Беларусі. 5 верасня 1991 года гарадскія ўлады зацвердзілі гістарычна герб Мінска. У 1993 годзе ў Мінску адбыўся Першы з’езд беларусаў свету, у 1994 годзе — першая сустрэча беларускай моладзі свету. У 1991 годзе знішчаны Віленскі вакзал.
У лістападзе 2004 года адбудаваная мінская ратуша, у 2011 годзе — Царква Святога Духа, у якой размясцілася дзіцячая філармонія. У сакавіку 2011 года дзеля будаўніцтва гатэля была знішчаная Першая мінская электрастанцыя, помнік прамысловай архітэктуры XIX ст.
Геаграфія
Геаграфічнае становішча
Мінск знаходзіцца ў цэнтры Беларусі на паўднёва-ўсходніх схілах Мінскага ўзвышша. Горад займае плошчу каля 348,84 кв. км[65][66]. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора складае 220 м. Найбольш прыпаднятая частка Мінска размяшчаецца ў раёне Кальварыі. Яе абсалютная вышыня 280,4 м. Найніжэйшая адзнака (181,4 м) знаходзіцца на паўднёвым усходзе горада ў абалонеСвіслачы ў раёне Чыжоўкі.
Клімат умерана-кантынентальны, са значным уплывам атлантычнага марскога паветра. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — каля 700 мм. Лета цёплае, але не гарачае. Сярэднясутачная тэмпература ў ліпені 18,5 °C. Зіма мяккая, з частымі адлігамі, сярэднясутачная тэмпература ў студзені −4.5 °C. У апошнія гады намецілася выразная тэндэнцыя да падвышэння тэмпературы ў зімовы перыяд.
Прырост насельніцтва ў XX—XXI стст. адбываецца за кошт міграцыі. Міграцыйнае сальда ў Мінску ў адрозненне ад іншых рэгіёнаў Беларусі станоўчае. Для Мінска характэрна ўстойлівае перавышэнне колькасці прыбылых над выбылымі. Пачынаючы з 2000 года, штогадовы міграцыйны прырост для Мінска складае ў сярэднім 14 843 чалавекі. Найбольшы міграцыйны прырост насельніцтва дае ўнутраная міжабласная міграцыя (у параўнанні з міжнароднай міграцыяй)[67]. Паводле апошняга перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў кастрычніку 2009 года, ў Мінску пражывала 1 836 808 чалавек[68].
Нараджальнасць — 11,4 на 1000 насельніцтва, смяротнасць — 9,7 (2008). Колькасць нараджэнняў на 1000 жанчын ва ўзросце 20—24 гады за перыяд 1990—2005 знізілася з 138 нованароджаных да 58, у жанчын 25—29 гадоў — з 95 да 75 адпаведна
У 2006 годзе жаночае насельніцтва перавышала мужчынскае: жанчын — 53,7 %, мужчын — 46,3 %. Узроставая структура насельніцтва Мінска: дзяцей — 13,3 %, падлеткаў — 4,5 %, асоб працаздольнага ўзросту — 67,9 %, асоб старэйшых за працаздольны ўзрост — 17,6 %. Доля дзяцей і падлеткаў за апошнія 5 год знізілася з 20,6 % да 17,6 %. Колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце павялічылася за гэты перыяд з 66,5 % да 67,9 %; асоб старэйшай узроставай катэгорыі — з 16,5 % да 17,6 %. На 1000 шлюбаў прыходзіцца 416 разводаў.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны актыўна будаваліся буйныя заводы (машынабудавання, станкабудавання), што прывяло да прытоку насельніцтва ў горад і ўтварылася ўстойлівае адставанне ўмоў пражывання грамадзян ад колькасці тых, хто прыязджае. Для зніжэння праблем з жыллём актыўна будаваліся інтэрнаты (у 60-70-я гады). У 1990-х гадах змяніліся ўмовы для пастаноўкі на ўлік — з 6 м² жылой плошчы на 15 м² агульнай плошчы, што змяніла 60 тыс. тых, хто мае патрэбу ў жыллі 110 тыс. На пачатак 2010 года ў інтэрнатах пражывае каля 33 тыс. сем’яў[74]. На 2010 год у арэнду пад жыллё здавалася 32 тысячы кватэр[75].
У 2010 годзе аб’ём уводзімага жылля з дзяржпадтрымкай складаў каля 80 %, у 2011 годзе — 75 %, у 2012 годзе не павінен перавысіць 50 % і потым — паступова змяншацца[76].
На ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, на канец 2010 года знаходзілася 855,6 тыс. грамадзян (сем’яў), што на 62,4 тыс. больш, чым на канец 2009 года[77]. На пачатак 2011 года ў Мінску ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў знаходзяцца 280 тыс. сем’яў[78].
Кошт 1 м² агульнай плошчы кватэр жылых дамоў вызначае Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт[79]. Тым не менш, рэальныя кошты на жыллё вызначаюцца рынкам. У 2010 годзе самым дарагім жыллём (па даных Нацыянальнага кадастравага агенцтвы) была трохпакаёвая кватэра па вул. Масквіна, 10 (520000 долараў ЗША, 3235,8 долара за м²)[80][81].
Па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі колькасць насельніцтва Мінска варта абмежаваць 1,8 млн чалавек[82].
Беспрацоўе
Па афіцыйнай статыстыцы, узровень беспрацоўя ў Мінску складае 0,3 % ад агульнага ліку эканамічна актыўнага насельніцтва (3340 чалавек; даныя на люты 2011 года)[83]. У той жа час, у Мінгарвыканкаме прызнаюць існаванне значнага незарэгістраванага беспрацоўя на падставе даных перапісу 2009 года: тады 5,6 % працаздольнага насельніцтва Мінска (каля 70 000 чалавек) вызначылі свой статус як беспрацоўныя[84]. У якасці прычын значнага разыходжання афіцыйнага і рэальнага ўзроўня беспрацоўя завуць неабходнасць удзелу ў грамадскіх працах і невялікі памер дапамогі па беспрацоўі[84]. Напачатку 2011 года ў Мінску дапамога складала 68,2 тысяч рублёў — $22,5 па курсе на люты 2011 года[83] пры сярэднім памеры бюджэту пражытковага мінімуму ў 296,9 тысяч рублёў[85], а ў другой палове 2010 года — 50 тысяч ($16), што з’яўляецца адным з самых нізкіх паказчыкаў на тэрыторыі былога СССР[86]. У той жа час, Аляксандр Лукашэнка агучыў меркаванне пра неабходнасць памяншэння памераў дапамогі па беспрацоўі як занадта вялікага[86].
Па даных Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, у сярэднім на пошук працы ў зарэгістраваных беспрацоўных сыходзіла не больш за дзвюх з паловай месяцаў[84]. Сярэдні ўзрост зарэгістраванага беспрацоўнага — 34,6 года[84].
Здароўе
Залішняя маса цела: на атлусценне цярпіць ад 10 да 13 % дзяцей [87].
Прадстаўнічая ўлада прадстаўлена гарадскім Саветам дэпутатаў, выканаўчая — гарадскім выканаўчым камітэтам. Кіраўнік Мінгарвыканкама з 2020 года — Уладзімір Кухараў.
Адміністрацыйны падзел горада Мінска быў праведзены ў 1938 годзе ў сувязі са значным ростам насельніцтва горада (да 218 тыс. чалавек). Пастановай ЦВК БССР ад 17 сакавіка1938 года былі створаны Сталінскі (з 2 лістапада1961 г. Заводскі), Варашылаўскі (з 2 лістапада1961 г. Савецкі) і Кагановіцкі (з 20 ліпеня1957 г. Кастрычніцкі) раёны.
Зараз тэрыторыя Мінска дзеліцца на 9 адміністрацыйных раёнаў, якія кіруюцца раённымі адміністрацыямі.
Абмяркоўваецца варыянт злучэння Мінскага раёнаМінскай вобласці з г. Мінскам у агульны рэгіён са спецыяльным (сталічным) статусам.
Герб быў нададзены Мінску 12 студзеня1591 года велікакняжацкім прывілеем. На гербе і сцягу адлюстравана Ушэсце Багародзіцы: Багародзіца ў чырвона-фіялетавай адзежы на срэбным воблаку, яе ўзносяць у неба два анёлы, якія ляцяць, а над імі два херувімы. Паводле легенды абраз з выявай Ушэсця прыбыў у горад уверх па цячэнню Свіслачы з Кіева, разбуранага татарамі.
Герб і сцяг г. Мінска зацверджаны рашэннем Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 27 сакавіка 2001 г. № 160 «Аб зацвярджэнні палажэння аб гербе горада Мінска і палажэння аб сцягу горада Мінска».
Мінск — найбуйнейшы эканамічны цэнтр Беларусі. Сукупны аб’ём падатковых паступленняў складае каля паловы ад агульнага аб’ёму па краіне[88]. Найбуйнейшымі падаткаплатнікамі горада ў першым квартале 2011 гады былі ААТ «Белтрансгаз», ЗП «Лукойл-Беларусь», РУП «Мінск Крышталь» (вытворца лікёра-гарэлкавых вырабаў), Унітарнае прадпрыемства «А1», УП «Мінгаз», РУП «Мінскэнерга», РУП «Белтэлекам», ТАА «Тытунь-інвест», ЗТАА «Юніс ойл» і ААТ «Прыёрбанк»[89][90]. У сукупнасці яны забяспечылі 40 % паступленняў[90]. У першым квартале 2011 года 54 % паступленняў у кансалідаваны бюджэт горада прыйшлося на недзяржаўныя прадпрыемствы, у той час як у 2010 годзе на іх долю прыпадала 46,6 % паступленняў[89][91]. У 2010 годзе каля 25 % падатковых паступленняў забяспечыў малы бізнес[92].
Прамысловасць
Мінск — найбуйнейшы прамысловы горад краіны. Тут знаходзяцца найбуйнейшыя зборачныя прадпрыемствы: трактарны завод МТЗ, які выпускаў каля 8-10 % ад сусветнага рынку колавых трактароў, МАЗ, завод колавых цягачоў VOLAT, вытворца дызельных рухавікоў ММЗ, тры станкабудаўнічыя заводы, а таксама завод Амкадар — вытворца дарожна-будаўнічай і іншай спецыялізаванай тэхнікі і абсталявання. У горадзе таксама размешчаны шэраг прадпрыемстваў па вытворчасці камплектуючых (рысорны завод, завод шасцерняў і інш.), вагонарамонтны завод, матацыклетна-веласіпедны завод, гадзіннікавы завод «Луч», абароннае прадпрыемства Мінатор-Сэрвіс. Параўнальна развіта электронная прамысловасць: у Мінску працуюць вытворца электроннай прадукцыі «Інтэграл», вытворца тэлевізараў, DVD-прайгравальнікаў і бытавой тэхнікі «Гарызонт», вытворца халадзільнікаў і бытавой тэхнікі «Атлант», вытворца бытавой тэхнікі Беларускі радыёэлектронны завод (БелВАР), электрамеханічны і электратэхнічны заводы. Пасля распаду СССР былі арганізаваны новыя прадпрыемствы, такія як Белкамунмаш, цяпер адзін з найбуйнейшых у СНД вытворцаў электратранспарту, які быў створаны напачатку 1990-х гадоў на базе рамонтнага трамвайна-тралейбуснага завода.
Харчовая прамысловасць прадстаўлена прадпрыемствамі лікёра-гарэлкавым заводам Мінск Крышталь, піўзаводамі «Крыніца» (брэнды «Крыніца», «Александрыя», «Kult» і «Kaltenberg») і «Аліварыя» (брэнды «Аліварыя» і «Бровар»), кандытарскімі фабрыкамі «Камунарка» і «Слодыч», некалькімі хлебазаводамі, холадакамбінатамі і мясакамбінатам. У Мінску дзейнічае гадзіннікавы завод «Прамень», прадпрыемствы па выпуску адзежы і бялізны («Элема», «Мілавіца», «Serge» і іншыя), вытворцы касметыкі «Беліта-Вітэкс», Модум — наша касметыка, «Белор-Дызайн», а таксама шэраг невялікіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці.
Усяго на 2005 год налічвалася больш за 300 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў.
Мінск — цэнтр міжнароднага турызму ў краіне. Сталіца валодае найболей развіты турыстычнай інфраструктурай (звыш 1/5 ёмістасці гасцінічнага фонду) і прымае амаль 1/4 арганізаванага ўязнога турыстычнага патоку. Сярэдняя працягласць знаходжання замежных турыстаў у Мінску складае 4,5 турадні, што ў 2 разы вышэй сярэдняга паказчыку па краіне. Мінск з’яўляецца і найбуйнейшым цэнтрам попыту на выязныя туры, галоўным чынам з мэтай адпачынку.
У горадзе створаны турыстычныя зоны Верхні горад, Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс, турыстычныя маршруты «Музеі Мінска», «Мінск тэатральны», «Мінск археалагічны», «Помнікі забудовы горада XVIII — пач. XX стст.», «Мінск — сталіца Рэспублікі Беларусь», «Горад на Менцы» і іншыя.
У горадзе турагенцкую і тураператарскую дзейнасць здзяйсняюць (на 1.1.2007) 342 юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, у т.л.:
РУП «Белінтурыст»,
ДУ «Цэнтр па санаторна-курортнай працы „Цэнтркурорт“»,
РУП «Дартурсервіс» Беларускай чыгункі,
прыватнае УП «Беларустурыст»,
ТАА «Вакол света»,
«Сакуб»,
«Сані Трэвел»,
«Смок Трэвел»,
«Смалянка»,
«Топ-Тур»,
СП «Алатантур»,
прыватнае УП «Мінсктурыст»,
ТДА «Экатур-6»,
УП «Экалогіятур»,
грамадскае аб’яднанне «Агра- і экатурызм» і інш.
Мінскі турыстычны клуб, Мінскі дзяржаўны турысцка-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі, цэнтр турызму і краязнаўства моладзі, інфармацыйна-экалагічны турыстычны клуб «Пошук», турыстычны клуб «Гарызонт» БДПУ імя М. Танка і інш.
У Мінску (на жнівень 2011 г.) функцыянуюць 27 гасцініц (5,4 тыс. месцаў)[93], сярод іншых «Crowne Plaza», «Агат», «Алімпіец», «Акадэмічная», «Алгарытм», «Арбіта», «Беларусь», «Вікторыя», «Гарні», «Дружба», «Еўропа», «Жэлонь», «Журавінка», «Звязда», «Мінск», «Паркавая», «Планета», «Палёт», «Свіслач», «Спорт», «Спутнік», «Стандарт», «Турыст», «Урсула», «Экспрэс», «Юбілейная», «40 гадоў Перамогі», МУС, Мінскага маторнага завода, РУП «МАЗ» (гасцініца і гасцінічны комплекс), «МТЗ», спартыўнага клуба міністэрства абароны, кінастудыі «Беларусьфільм» і інш. Пераважае дзяржаўная (16 гасцініц) форма ўласнасці. Ад 2 да 5 зорак маюць 11 гасцініц Мінска[93].
Пры гасцініцах (і не толькі[94]) маюцца бары, рэстараны, клубы і дыскатэкі.
Мінск з’яўляецца буйным транспартным цэнтрам. Пасажыраперавозкі забяспечваюцца развітай сеткай грамадскага транспарту. Таксама Мінск з’яўляецца найбольшым транспартным вузлом Беларусі. Ён размешчаны на скрыжаванні транспартных калідораў, якія злучаюць Расію з Польшчай і Украіну ў Прыбалтыкай. На Мінск прыпадае каля 30 % чыгуначных пасажыраперавозак, 20 % аўтамабільных грузаперавозак па ўвозе і 40 % па вывазе.
Мінск мае добра развітую сетку грамадскага транспарту. Апроч мінскага метрапалітэна маецца больш 167 аўтобусных і больш 64 тралейбусных маршрутаў, працуе трамвай і сетка маршрутных таксі. Мінскія аўтобусы перавозяць 35,7 % пасажыраў, метрапалітэн — 32,8 %, тралейбусы — 26,4 %, трамваі — 5,1 %[95].
Гарадскі грамадскі транспарт Мінска актыўна развіваецца: з 1995 года ў дадатак да 15 станцый метро, якія былі на той момант, адкрыта яшчэ 10, чарговыя тры станцыі адкрыліся ў лістападзе 2012 года. Рухомы састаў наземнага транспарту таксама актыўна абнаўляецца. Так у перыяд 2004—2007 было закуплена больш 820 новых аўтобусаў, больш 430 тралейбусаў, 53 трамвая. Уся тэхніка вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў МАЗ, Нёман, Белкамунмаш.
Мінск таксама з’яўляецца найбуйнейшым транспартным вузлом Беларусі. Ён размешчаны на скрыжаванні транспартных калідораў, якія злучаюць Расію з Польшчай і Украіну з Прыбалтыкай. Адлегласць ад Мінска да Масквы па аўтамабільнай дарозе М1 — каля 800 км. На яго долю прыпадае каля 30 % чыгуначных пасажыраперавозак, 20 % аўтамабільных грузаперавозак па ўвозе і 40 % — па вывазе.
У Мінску дзейнічае адзіная ў рэспубліцы сістэма метрапалітэну.
Першая чарга Мінскага метрапалітэна адкрылася ў 1984-м годзе. Цяпер ён складае дзве лініі, 25 станцыі, агульная даўжыня — 30,3 км. З цэнтрам ён злучае Першамайскі, Партызанскі і Фрунзенскі раёны. Ідзе будаўніцтва галіны на Малінаўку (Маскоўскі раён). Адкрыццё наступных 3-х станцый запланавана на 2012 г.
У будучыні плануецца трэцяя лінія, якая злучыць цэнтр горада з Кастрычніцкім і Савецкім раёнамі.
З 2011 года рэалізуецца праект па стварэнні гарадской электрычкі — сеткі маршрутаў чыгуначнага грамадскага транспарту ў межах Мінска і найбліжэйшага прыгарада. На наступны момант дзейнічае дзве лініі гарадской электрычкі, да Заслаўя і Рудзенска. Плануецца адкрыццё яшчэ трох.
У 2007 у Мінску 3519 спартыўных будынкаў, у т.л. 18 буйных стадыёнаў, 664 спартыўныя залі, 57 плавальных басейнаў, 6 манежаў, 5 спартыўных будынкаў са штучным лёдам, 138 стралковых ціраў. У ліку найболей буйных: «Мінск-Арэна», Мінскі палац спорту, палац воднага спорту, Футбольны манеж, Мінскі лядовы палац спорту, палац тэніса, стадыёны «Дынама», «Трактар», спартыўны аздараўленчы комплекс «Алімпійскі» і інш.
У горадзе маюцца дзве футбольныя каманды, якія ўваходзяць у вышэйшую лігу Беларусі — «Дынама» і «Мінск». Раней у вышэйшай лізе ўдзельнічалі прафесійныя футбольныя каманды з Мінска «Тарпеда» (у 2004 годзе клуб збанкрутаваўся, выступае ў ніжэйшых лігах), «Партызан» (раней — «МТЗ-РІПА»; з 2012 года па фінансавых прычынах клуб выступае ў ніжэйшых лігах), «Зорка-БДУ» (выступае ў другой лізе), «Лакаматыў» (зараз — СКВІЧ, выступае ў Першай лізе), «Атака» (спыніў існаванне ў 1997 годзе), «Дынама-93» (спыніў існаванне ў 1998 годзе). У горадзе базуюцца хакейныя клубы «Дынама» (КХЛ), «Юнацтва-Мінск» (ВХЛ), «Юніёр» (Беларуская экстраліга) і «Юнацтва» (МХЛ). Таксама ў горадзе ёсць 3 мужчынскіх баскетбольных клуба: Цмокі-Мінск, Віталюр, Бдуір, і 2 жаночых: Цмокі-Мінск і Гарызонт. У горадзе ёсць тытулаваная мужчынская каманда па гандболу — клуб СКА, а таксама створаны ў 2008 годзе клуб «Дынама».
Праваслаўныя: капліца Святога Аляксандра Неўскага (1869), манастыр Праабражэння Гасподняга (1618), царква Маці Божай Казанскай (1912—1914), царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў Архірэйскім падвор’і (1885)
У Мінску налічваецца 26 паркаў, 159 сквераў і 26 бульвараў агульнай плошчай больш 2 тыс.га. Шматлікія паркі пабудаваны яшчэ ў 80-я гадыXX-га стагоддзі і на сапраўдны момант маюць патрэбу ў рэканструкцыі. Акрамя таго, тэмпы будаўніцтва новых аб’ектаў зялёнай гаспадаркі адстаюць ад тэмпаў узвядзення жылля. Таму ў 2011—2015 гадах у Мінску будзе рэалізавана праграма будаўніцтва і рэканструкцыі паркаў, сквераў і бульвараў[108].
Вакол Мінска і ў гарадскіх межах створаныя зоны адпачынку мясцовага значэння:
Побач з горадам размешчаны курорт рэспубліканскага значэння «Ждановічы». У прыгараднай зоне адпачынку находзяцца спартыўна-аздараўленчыя комплексы «Стайкі» і «Раўбічы».
↑Форма Менск з дакументаў знікае па выцісканні старабеларускай мовы з афіцыйнага ўжытку ў XVII ст. Па ўваходжанні горада ў склад Расійскай імперыі за афіцыйную ўзятая паланізаваная назва Минскъ. Аднак у народным беларускім маўленні захоўваецца беларуская форма Менск[3][4]. З часу надання беларускай мове статуса афіцыйнай у 1918 годзе форма Менск (бел. лацін.: Miensk) замацоўваецца як афіцыйная[5][6][7][8].
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
↑ абШпилевский П. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Минск: «Беларусь», 2003. С. 131—132.
↑ абБеларусь и война 1812 года: Документы / сост. А. М. Лукашевич, Д. Л. Яцкевич; редкол.: В. И. Адамушко (гл. ред.) [и др.]. — Минск: Беларусь, 2011. — С. 203—229.
↑ абЖучкевіч В. Адкуль імя твае, сталіца // Беларусь № 4, 1967. — С. 22.
↑Роспонд С. Структура и стратиграфия древнерусских топонимов // Восточнославянская ономастика. — М.: Наука, 1972. — С. 22.
↑Нерознак В. П. Названия древнерусских городов / Под. ред. Д. С. Лихачева. — М.: Наука, 1983. — С. 118.
↑ абЖучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн., 1974. — С. 232—233.
↑Кузняцоў М. Таямніца далёкіх вякоў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 34. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
↑Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 1. П’есы. Нарыс. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. С. 385—570. [1]Архівавана 10 жніўня 2010.
↑Шпілеўскі П. Падарожжа па Палессі і беларускаму краю // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 31—32. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
↑Obrębska-Jabłońska, A. Czy ukraiński wpływ na toponimię białoruska? // Slavia Orientalis. — 1973. — № 2. — S. 261—265
↑Багушэвіч Ф. Творы: вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты / уклад., прад. Я.
Янушкевіча; камент. У. Содаля, Я. Янушкевіча. - Мн.: Маст. літ., 1991. - 309 с. - С. 17.
↑Дзянісаў У. Сімвалы горада і Менскага ваяводства: Ратуша // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 213. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
↑Цітоў А.. Сімвалы горада і Менскага ваяводства: Пячаткі і герб // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 215. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
↑Ярмалінская В. Дзе нарадзілася «Ідылія» // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 421. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
↑Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 401.
↑Квитницкая Е. Д. Особенности средневековых храмов Белоруссии // «Архитектурное наследство» № 23, 1975. С. 85.
↑Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 68.
↑Winnicki Z. Szkice kojdanowskie. — Wrocław: Wydawnictwo GAJT, 2005. S. 77—78.
↑Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 14.
↑Адзіны рэестр адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь (гэта лічба актуальная з 26.03.2012 года) [2]Архівавана 26 сакавіка 2020.
↑Этнокультурные процессы Центральной Беларуси в прошлом и настоящем / А. Вл. Гурко [и др.] ; науч. ред. А. Викт. Гурко ; Нац. акад. наук Беларуси, Центр исслед. белорус. культуры, языка и лит., Фил. «Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы». – Минск : Беларуская навука, 2016. – 539 с. С. 408-409
↑Перепись населения Республики Беларусь. Численность населения областей и районов. Город Минск. (руск.)
↑Международные связи г. Минска(руск.)(недаступная спасылка). Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Архівавана з першакрыніцы 14 снежня 2019. Праверана 22 кастрычніка 2018.
Бон, Т. «Мінскі феномен». Гарадское планаванне і ўрбанізацыя ў Савецкім Саюзе пасля 1945 г. / Томас М. Бон; пер. з ням. мовы М. Рытаровіч; навук. рэд. Г. Сагановіч. — Мінск : Зміцер Колас, 2016. — 436 с.
Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem: Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905–1918. — Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 с. — ISBN 978-83-227-2629-7.