Расціслаў Усяславіч (пач. 1060-х — пасля 1130) — князь з роду полацкіх Ізяславічаў.
Біяграфія
Расціслаў, на думку большасці даследчыкаў, адзін з малодшых сыноў полацкага князя Усяслава Брачыславіча, імаверна, пяты паводле старшынства[1]. Упершыню, і адзіны раз у ранніх крыніцах, Расціслаў згаданы ў пераліку полацкіх князёў сасланых у Візантыю. Болей ранніх звестак пра Расціслава і яго ўдзел не захавалася. Памёр, імаверна, у Візантыі.
«Въ лето 6637 (1129) прииде на Полоцкие Князи на Рогволодовичи Князь Великий Мстиславъ Володимировичь Мономашь и Полтескъ взялъ, а Рогволодовичи за бежали въ Царьградъ. Литва въ ту пору дань даяше Княземъ Полоцкимъ, а владома своими Гетманы, а городы Литовские тогда, иже суть ныне за Кролемъ, обладаны Князьями Киевскими, иные Черниговскими, иные Смоленскими, иные Полоцкими, и оттоле Вильня приложишася дань даяти Королю Угорскому за страхование Великаго Князя Мстислава Володимировича; и Вильняне взяша себе изъ Царяграда Князя Полоцку Ростислава Рогволодовича детей Давила Князя, да брата его Молковца Князя; и той на Вильне первой Князь Давилъ, братъ Молковцевъ большой. А дети ево Видъ, егожъ люди волкомъ звали; да Ердень Князь. А Ерденевъ сынъ крестился, былъ Владыка во Твери, которой на Петра Чудотворца волнение учинилъ; звали его Андреемъ; писалъ на Чудотворца лживыя словеса. А у Молковца Князя сынъ Миндовгъ.»
Няма адзінай думкі, чым у тэксце ёсць Рагвалодавіч — родавым празванне або імем па бацьку. Першае імаверней, бо як і ў «Аповесці мінулых часоў» на пачатку гадавога артыкула Рагвалодавічамі названы род полацкіх князёў агулам, у Васкрасенскім летапісе нават двойчы. Таму згаданага Расціслава Рагвалодавіча прапануюць атаясняць з Расціславам Усяславічам, адзіным вядомым з крыніц Расціславам сярод Ізяславічаў Полацкіх (Рагвалодавічаў) на час іх высылкі ў Візантыю (1129). Калі Рагвалодавіч — імя па бацьку, паўстае пытанне хто яго бацька. Ёсць меркаванне, што тоеснасць Расціслава Рагвалодавіча Васкрасенскага летапісу з Расціславам Усяславічам храналагічна немагчымая. Таму асобныя даследчыкі прапануюць лічыць за яго бацьку Рагвалода-Васіля Барысавіча[3], а некаторыя Рагвалода Усяславіча, хаця існаванне апошняга прызнаецца ўсё болей сумнеўным.
На аснове Васкрасенскага летапісу «Радство вялікіх князёў Літоўскіх» дае такую генеалогію: «У великого князя Володимера Святославича другои сынъ Изяславъ, у Изяслава сынъ Брячиславъ, у Брячислава сынъ Всеславъ, у Всеслава сынъ Борисъ, у Бориса сынъ Рагволодъ, у Рагволода сынъ Ростиславъ, у Ростислава сынъ Давилъ, у Давила сынъ Видъ… у Вида сынъ Троенъ, у Троена сынъ Виденъ, у Витеня сынъ Гедиманъ…»[4].
Васкрасенскі летапіс, аднак, дае яскравыя прыклады «канструявання» генеалогій, прычым менавіта ў выпадку Рагвалода-Васіля. У раздзеле «Пра вялікіх князёў разанскіх», пад 1159 годам летапіс паведамляе, што друцкі князь Рагвалод-Васіль быў унукам Юрыя Даўгарукага і, адпаведна, сынам Барыса Юр’евіча. Вядома, крыніцай «канструявання» быў Іпацьеўскі летапіс, які пад 1159 годам паведамляе і пра смерць Барыса Юр’евіча, і пра княжанне Рагвалода-Васіля ў Друцку, але не пра іх роднасць.[5] Такім чынам, калі верыць у гэтым пытанні Васкрасенскаму летапісу, Расціслаў Рагвалодавіч быў Ізяславічам Полацкім, а Рагвалод-Васіль — не, то-бок не мог быць бацькам першага.
Прыклад «канструявання» ёсць і ў паведамленні пра высылку полацкіх князёў у Візантыю, у тым ліку ў іх пераліку. Публікацыя Васкрасенскага летапісу дае гэтае месца з праўкамі Мікалая Карамзіна, а ў арыгінале «пославъ по Кривския Князи, по Давыда, и по Ростислава, и Святослава, и по Рогволодовича два, и по Ростислава и по Василия и по Ивана»[6], — то-бок названы прынамсі два Расціславы, мабыць, на меўся на ўвазе і трэці — адзін з двух Рагвалодавічаў[7]. У Іпацьеўскім летапісе пра высылку полацкіх князёў паведамляецца ў двух месцах, пад 1130 годам, дзе названы высланыя Давыд, Расціслаў і Святаслаў, і пад 1139 годам, дзе гаворыцца пра высылку ўсіх Рагвалодавічаў і вяртанне двух княжычаў Рагавалодавічаў. Такім чынам, гэта месца Васкрасенскага летапісу не ўнікальнае, а «сканструявана» з двух артыкулаў Іпацьеўскага летапісу з патраеннем іх інфармацыі. У Візантыю быў сасланы адзіны Расціслаў — Расціслаў Усяславіч; княжычамі, якія вярнуліся ў 1139 годзе, як вынікае з пазнейшых падзей, маглі быць Рагвалод-Васіль і, напэўна, яго брат Іван.
На думку яшчэ Васіля Данілевіча і многіх следам, у тым ліку Эдуарда Загарульскага, у 1128—1130 гадах Рагвалод-Васіль быў вельмі малады, бо палачане «поемъше» яго ішлі да вялікага князя Мсціслава, дарослы не выступаў бы аб’ектам іх дзеянняў. Пра тое ж сведчыць актыўная дзейнасць Рагвалода-Васіля ў 1150-1160-я гады і жыццё яшчэ ў 1170-я гады. Наўрад ці да высылкі ён быў жанаты і меў дзяцей, пра шлюб паведамляецца толькі пад 1144 годам, ужо па вяртанні. Нават дапусціўшы наяўнасць дзяцей у Рагвалода-Васіля ў 1130 годзе, да 1139 года яны былі б малалетнія і вярнуліся б з Візантыі разам з бацькам. Такім чынам, ні дзеці, ні ўнукі Рагвалода-Васіля ў Візантыі не былі. Пагатоў неймавернай выглядае пасылка ў Візантыю па ўнукаў, калі іх дзед княжыў у Полацку або Друцку.
Расціслаў Усяславіч нарадзіўся ў 1060-1070-я гады, адпаведна, у 1130 годзе яму было каля 60 гадоў. Пэўна ён мог мець дзяцей і ўнукаў, сасланых разам з ім у Візантыю. Дзеці Расцілава Усяславіча на час ссылкі маглі быць як дарослымі, так і малымі. Старэйшы з братоў Усяславічаў — Барыс, меў у 1128 годзе вельмі маладога сына Рагвалода-Васіля і маладзейшую за яго дачку Звяніславу, якія жылі яшчэ ў 1170-я гады. Другі Усяславіч — Глеб, меў сына Валадара, які жыў яшчэ ў канцы 1170-х гадоў. Чацвёрты Усяславіч — Давыд, меў сына, які толькі ажаніўся перад 1128 годам, а іншыя сыны былі маладзейшыя. Дзеці наймаладзейшага Усяславіча — Святаслава, актыўна дзейнічалі ў канцы 1160-х гадоў і мелі тым часам малалетніх дзяцей. Адпаведна, дзеці Расціслава Усяславіча пры розных акалічнасцях маглі жыць яшчэ ў 1180-1190-х гадах і, тэарэтычна, па іх маглі паслаць у Візантыю.
Удзел
У свой час, Адам Кіркор пісаў, што Расціслаў Рагвалодавіч з 1070-х гадоў быў князем у Вільні, то-бок атрымаў ад бацькі ва ўдзел Віленскае княства[8], але крыніцу звестак не пазначыў. Напэўна, Кіркор так асэнсаваў звесткі Васкрасенскага летапісу, а дату вызначыў самастойна, бо ў «Жывапіснай Расіі» ён выводзіць генеалогію Гедзімінавічаў ад Расціслава Рагвалодавіча, якога называе сынам Рагвалода-Васіля Барысавіча[9]. Звесткі гэтыя неймаверныя, бо ў 1070-я гады Рагвалод-Васіль яшчэ не нарадзіўся. Таксама і Расціслаў Усяславіч, калі ўжо жыў 1070-я гады, то быў малалетнім. Са спасылкай на Кіркора, тое самае падаў Мікола Ермаловіч у артыкуле «Віленская княства» Энцыклапедыі гісторыі Беларусі.
На думку Лявонція Вайтовіча, князь Расціслаў атрымаў ад бацькі ва ўдзел Лукомль[10], што яшчэ болей гіпатэтычна за Вільню, бо не згадваецца і познімі крыніцамі нават ускосна[11].
Нашчадкі
Калі дзеці Расціслава Усяславіча, у тым ліку меркаваныя Давіл і Маўкольд, жылі яшчэ ў 1180—1190 гады, то жыццё яго маладзейшых унукаў у сярэдзіне XIII ст. тэарэтычна магчымае. У кожным разе, нельга выключаць, што познія летапісы прыпісваюць імёны праўнукаў і прапраўнукаў Усяслава Брачыславіча яго ўнукам, бо збіліся ў ліку пакаленняў[12]. Надзейных жа звестак пра нашчадкаў Расціслава Усяславіча цяпер няма.
Ёсць думка, што нейкая генеалогія полацкіх Рагвалодавічаў была адной з крыніц пры стварэнні падання пра Палемона, як пачынальніка дынастыі літоўскіх князёў, толькі імёны князёў змянілі.[13]
↑Расціслаў Рагвалодавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6 Кн.1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 112
↑Філіпович Марина. Полоцька земля у Білорусько-литовській літописній традиціі // Український історичний збірник / Головний редактор Т. Чухліб; заступник головного редактора А. Блануца. — К.: Інститут історії України НАН України. — Вип. 13. — Ч. 1. — 2010. — 252 с. — С. 44-56.
Літаратура
Kirkor A. Bazylika litewska. — 1886. — S. 4.
Войтович Л. В. Рюриковичі. Ізяславичі полоцькі // Князівські династії Східної Європи (кінець IX — початок XVI ст.): склад, суспільна і політична роль. Історико-генеалогічне дослідження. — Львів: Інститут українознавства ім. І. Крип’якевича, 2000. — 649 с. — ISBN 966-02-1683-1.
История родов русского дворянства: В 2 кн. / авт.-сост. П. Н. Петров. — СПб., 1886. — (Переизд.: — М.: Современник; Лексика, 1991. — ISBN 5-270-01515-3).
Лакиер А. Б. Русская геральдика. Ч. 1—2. — СПб., 1855. — 712 с.
Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики.. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
Насевіч В. Лукомль і Лукомльская воласць // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 4. — Мн., 1994. — С. 161—186.
Пазднякоў В. С. Расціслаў Рагвалодавіч // Памяць: Полацк: Гісторыка-дакументальные хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [Склад. С. С. Чарняўская; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2002. — 907, [1] с. — С. 101. — ISBN 985-11-0233-4.
Полное собрание русских летописей. — Т.7. VII. Летопись по Воскресенскому списку / Подгот. к изд. Я. И. Бередниковым и А. Ф. Бычковым под ред. А. С. Норова. — СПб: Типография Эдуарда Праца, 1856. — 345 с.